Маё першае фотапаляванне
Для таго, каб прачнуцца а чацвёртай гадзіне раніцы, павінна быць вельмі моцная матывацыя. Асабліва – калі ты “сава”.
Але калі ты прыязджаеш у Краснаборскую школу фатаграфіі і даведваешся, што ёсць магчымасць паздымаць раніцах дзікіх жывёл, то такая матывацыя з’яўляецца імгненна.
Раней я ў асноўным займалася партрэтамі. Гэта мой любімы жанр фатаграфіі. Таму так склалася, што сапраўды моцнага тэлеаб’ектыва я на свае вочы нават не бачыла.
Сёння мне вельмі пашанцавала: ініцыятар школы фатаграфіі Сяргей Плыткевіч не толькі ўзяў з сабою ў ранішнюю вандроўку, але і аб’ектыў свой прапанаваў.
Шчыра кажучы, як толькі я ўпершыню узяла яго ў рукі, то амаль што ўраніла. Ён быў вельмі цяжкі. З “палціннікам” не параўнаеш. Але адразу з’явілася надзея, што мы ўбачым нешта цікавае.
Пакуль ехалі, я спрабавала зразумець, чым мяне і іншых фатографаў так прывабліваюць здымкі жывёл?
І толькі пасля першых кадраў я ўсвядоміла, што ў працэсе працы ты спачатку адчуваеш зачараванне і яднанне з прыродай, а потым – моцны прыліў адрэналіну. Ты ў захапленні ад кожнай хвіліны фотапалявання. Можна чакаць сустрэчу з жывёламі гадзіну, а можна цэлы дзень, але чым складаней атрымаць прыгожы кадр, тым вышэй яго каштоўнасць!

Вось мой першы фотапаляўнічы здымак: стада аленяў было даволі далёка ад машыны.

Гэтая алянуха аказалася крыху бліжэй.

Яшчэ дзве самкі аленя выглядаюць з-за пагорка.

Журавы кормяцца.

А гэта тое, чым я займалася раней – партрэт. Не чалавека – маладой лані! Уяўляеце, якія ў мяне былі адчуванні, калі пашанцавала зрабіць такі здымак?!
Я раю кожнаму фатографу хаця бы аднойчы ў жыцці паспрабаваць фотапаляванне.
Адна з найлепшых для гэтага мясцін Беларусі – заказнік “Чырвоны Бор”. Маляўнічая прырода, чыстае паветра, мноства жывёл, птушак і цудоўны настрой. Прыязджайце – не пашкадуеце!
Марыя Зіганорава, фота аўтара
Крынiца: planetabelarus.by
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.