«Чырванакніжнікі» пад пагрозай?

0 3474 19 авг 2019

У АПБ паступіла інфармацыя пра тое, што ўрад збіраецца значна скараціць ахоўныя зоны вакол месцаў гнездавання некаторых «чырванакніжных» відаў.

Гэта значыць, што цяпер паляванне, суцэльныя высечкі лесу і іншая дзейнасць будуць дазволеныя бліжэй да гнёздаў гэтых відаў. Гэта практычна нівелюе эфект статусу ахоўнага участка.

Мяркуецца, што адпаведныя змены ў заканадаўстве плануецца прыняць у найбліжэйшыя дні. Яны закрануць не толькі рэдкіх птушак, але і іншых «чырванакніжных» жывёл і раслін.

Напрыклад, у месцах пражывання жукоў (рагача, вялікага дубовага вусача), лічынкі якіх харчуюцца мёртвай драўнінай, раней забараняліся ўсе віды высечак, а цяпер прапануецца забараніць высякаць толькі сырую драўніну, хаця для гэтых лічынак ключавая менавіта мёртвая драўніна.

Таксама прапануецца зняць забарону на паляванне ў месцах пастаяннага залягання мядзведзя з лістапада па красавік – а гэта самы адчувальны перыяд для гэтага звера.

У месцах пастаяннага гнездавання многіх відаў птушак цалкам прыбіраецца забарона на паляванне – замест гэтага рэкамендуецца ў паляўнічых гаспадарках выдзяляць зоны спакою, то бок гэта не нешта абавязковае для выканнання, а толькі пажаданне, якое ў многіх выпадках выконвацца не будзе.

«Некаторыя віды, для якіх плануецца значна скараціць ахоўныя зоны вакол гнёзд, вельмі рэдкія, — кажа дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі. – Так, на сёння ў Беларусі вядомая толькі адна пара маркутоў і ніводнага гнязда сокала-падарожніка!»
15_DSC0873_White-tailed_Eagle_soar_39pc-Arlan.jpg

Арлан-белахвост. Фота Мікалая Вараб’я


Валеры Дамброўскі, кандыдат біялагічных навук«Раней па многіх драпежных птушках была забарона на суцэльныя высечкі у радыюсе не менш за 300 м вакол гнязда, а для такіх буйных птушак, як вялікі арлец, арлан-белахвост і арол-маркут – не менш за 500 м. І гэта не значыць, што ў радыюсе 500 м было забаронена ўсё рубіць: гэта была проста зона спакою ў перыяд гнездавання. Цалкам высякаць лес было забаронена толькі за 200 м ад гнязда. Цяпер абмежаванне па высечцы ў гнездавы перыяд зменшылі для першай групы драпежных птушак (віды чорны каршун, чырвоны каршун, малы арлец, арол-карлік, сокал-пустальга, сокал-кабец, чорны бусел) да мінімум 100 м вакол гнязда, а для другой (віды арлан-белахвост, вялікі арлец, арол-маркут)  – да 200 м. Калі высечка вядзецца за 200-300 м у гнездавы перыяд, то вялікі арлец адназначна пакіне гняздо. А для многіх відаў, калі нават зімой вырубіш лес за 100 м ад гнязда, гэта мае вялікае значэнне, бо ўчастак робіцца адкрытым для чалавека, драпежнікаў, зменяюцца ўмовы. А такія чуллівыя для любога ўздзеяння на гнездавым участку як вялікі арлец, арлан-белахвост, арол-вужаед, будуць проста кідаць гнёзды, калі будуць прымененыя гэтыя рэкамендацыі, што скарачаюць амаль утрая зоны спакою».

У праекце пастановы Мінпрыроды ёсць і пазітыўныя змены і дапаўненні Тэхнічны кодэкс практыкі аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання (ТКП). Напрыклад, значна павячыўся спіс забароненай дзейнасці ў месцах пастаяннага гняздавання жураўлёў, больш дэталёва прапісана, якія воды нельга зліваць у месца пражывання асобных водных відаў, дададзеныя новыя віды жывёл.

Засмучае тое, што з боку Мінпрыроды гэтым разам не было прапановы абмеркаваць адпаведныя праўкі ў заканадаўчыя акты з грамадскасцю, гэта значыць са спецыялістамі, якія не былі задзейнічаныя наўпрост у распрацоўцы праекта, каб пазбегнуць шкоды для дзікай прыроды.

15 жніўня дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі пабываў на сустрэчы з намеснікам Міністра прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Аляксандрам Корбутам, які пагадзіўся з некаторымі крытычнымі заўвагамі. Было дамоўлена абмеркаваць іх з ім і іншымі спецыялістамі Мінпрыроды больш падрабязна ў найбліжэйшы час. Акрамя таго, плануецца абмеркаваць змены  ў ТКП з прадстаўнікамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Крынiца: ptushki.org

Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.