Пад Гомелем з'явіліся фіёрды

0 1786 14 июл 2015

Belsat.eu наведаў Глушкавічы, бераг скалістага беларускага возера.

Кожны ведае, што Беларусь  краіна азёраў. Але такога возера, як ля вёскі Глушкавічы на Гомельшчыне, у Беларусі больш няма. Роўна сорак гадоў таму ў Лельчыцкім раёне на мяжы з Украінаю пабудавалі завод для выпрацоўвання друзу.

Месца абралі невыпадкова: менавіта тут Украінскі крышталічны шчыт выходзіць практычна на паверхню зямлі. То бок беларусам дастаўся край тысячакіламетровага пляскатага каменя, на якім ляжыць частка Украіны.

Тут жа знайшлося і радовішча высакаякаснага граніту. Яго не драбілі на друз  здабывалі блокамі з дапамогаю выбухоўкі, рабілі помнікі, аздаблялі будынкі ў Гомелі і нават у Мінску.

Распрацоўка кар’еру спынілася з развалам Савецкага Саюза, але наламаныя тады камяні не выкарысталі і да гэтага часу. А кар’ер запоўніўся вадою, там нават развялася рыба.

Рэдкія турысты наведваюць гэтыя мясціны па наводцы з інтэрнэту  убачыўшы інфармацыю на краязнаўчых сайтах ці фотаздымкі тых, хто ўжо тут пабываў.

Тыя, хто ўсё ж даехаў да возера між камянёў, адзначаюць, што не чакалі сустрэць такіх краявідаў у Беларусі.

Упадабалі скалісты ландшафт і аматары экстрэмальнага спорту  эндуро. Матацыклісты шукаюць адмысловыя пляцоўкі, дзе можна паездзіць па камянях.

Ваду з возера некалькі разоў адпампоўвалі, каб правесці інвентарызацыю. Запасы каменя вялікія, і тэарэтычна распрацоўванне кар’еру можна працягнуць у любы момант. Справа ўпіраецца толькі ў адсутнасць сродкаў ды чыгункі. А практычна  мясцовыя жыхары кожнага госця стараюцца завезці ў Глушкавічы, на бераг скалістага беларускага возера.

Ірына ДАРАФЕЙЧУК

Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.