Жывая вада. Браслаўская…
Ёсць у Беларусі мясціны, дзе віруе багатае жыццё дзікай прыроды, куды едзеш амаль са стопрацэнтнай гарантыяй цікавых здымкаў.
У першую чаргу – гэта знакаміты Браслаўскі раён. Зразумела, што птушак і звяроў многа і ў іншых куточках нашай краіны, але Браслаўшчына з’яўляецца сапраўдным кландайкам. Ну, дзе яшчэ ў адлегласці чатырохсот метраў ад вёскі можна знайсці тры гарадкі барсукоў? Дзе сустрэць за раніцу пяць-сем ласёў – гэта звычайна, а ў мяне былі выпадкі, калі ўдавалася ўбачыць і двадцаць пяць. Акрамя ласёў, у аб’ектыў трапляе мноства казуль, жураўлёў, зайцы, лісіцы і гэтак далей.
Зразумела, што ў любым раёне трэба ведаць, па якіх дарогах ездзіць, каб убачыць сапраўдную дзікую прыроду, прачынацца вельмі рана, працаваць да самай цемры.
Пад час апошняй вандроўкі я планаваў паздымаць барсукоў, думаў паставіць каля нары засідку і чакаць, пакуль яны вылезуць. Але гэта вечарам, а на світанку паехаў па наваколлі.
Першая сустрэча з жураўлямі.
Напэўна, птушанятам не хацелася ісці ў мокрую траву, і я метраў сто ехаў за імі…
Наступным героем здымка аказаўся заяц, які таксама не вельмі хацеў сыходзіць з дарогі.
Я спыніўся, стаў чакаць, што будзе далей. Заяц супакоіўся, пачаў снедаць, а за ім на дарогу выйшла казуля…
Фотасесія працягвалася мінут пятнадцаць, здымаў, не выходзячы з машыны. А калі паехаў, то праз метраў трыста заўважыў на полі лася.
Вось тут ужо прыйшлося падкрадвацца.
Дзікія свінні сфатаграфаваны з вакна машыны.
Але самае цікавае пачалося, каля дабраўся да невялічкага возера сярод палёў і пералескаў. Яно вельмі мелкае, часам перасыхае, аднак зараз жыццё вакол яго буяла.
Белая чапля палявала на фоне жураўлёў.
Мінут праз пятнадцаць да жураўлёў далучыўся самец казулі.
Маці-качка знаёміла птушанят з суседзямі.
З дарогі здымаць такія сюжэты далекавата. Я вырашыў змяніць свае планы і пасля абеду паставіць засідку не каля нары барсукоў, а на беразе гэтага невялічкага возера.
Так і раблю.
Зразумела, што як толькі я падыходжу да берага возера – усе птушкі разлятаюцца. Патрэбны нейкі час, каб яны супакоіліся і пачалі вяртацца.
Чакаю герояў фотапалявання ў скрадку.
Першымі прылятаюць бакланы, двое сушаць пер’е на камянях, адзін спрабуе злавіць рыбку.
Рыбы ў гэтым возеры не павінна быць, бо да моцных дажджоў яно амаль поўнасцю перасохла. А вось жаб – мноства.
Не ведаю, што абмяркоўваюць качкі. Напэўна, тое, што дарэмна баклан тут рыбу шукае…
А ў мяне з’яўляюцца больш цікавыя героі: на беразе возера выскоквае заяц, потым выходзіць пара жураўлёў. Я іх здымаю, але найбольш цікавы сюжэт атрымліваецца, калі жураўлі набліжаюцца да зайца.
Калі адлегласць паміж імі застаецца менш метра, заяц ускоквае і ўздоўж берага бяжыць да мяне.
Спыняецца метрах у дзесяці ад палаткі, у аб’ектыў толькі адна галава ўлазіць.
І ў гэты момант жураўлі пачынаюць танчыць…
Дзіўна такое назіраць у сярэдзіне чэрвеня, але ж гэтая пара не мае дзетак. Чаму б не пагарэзнічаць?!
Я крыху шкадую, што здымаю не відэа, а фота, але галоўнае, што на беразе возера адбываецца цікавая падзея.
Здымкаў жураўлёў атрымалася многа.
Крыху пазней да вады падыходзіць самец казулі. Паводзіць сябе ён насцярожана. І праз некалькі хвілін я разумею – чаму. З’яўляецца мацнейшы сапернік і першы козлік бяжыць ад яго ўздоўж берага.
Мне гэта і патрэбна! Сучасная камера дазваляе зрабіць здымкаў восемдзесят, выбіраю адзін, каб паказаць сапраўдны каларыт гэтага месца: козлік ляціць над качкамі.
На другім беразе новы цікавы сюжэт – уздоўж вады ідзе барсук.
Вось гэта – сапраўдны браслаўскі цуд! Збіраўся сфатаграфаваць барсука – і ён сам прыйшоў да маёй засідкі.
Барсука атакуе кнігаўка. За імі назіраюць качкі…
А журавы займаюцца сваімі справамі.
Адганяюць маленькіх суседзяў, рэагуюць на адважных кнігавак.
Кнігавак зразумець можна. Жураўлі, як і буслы, – звычайныя драпежнікі. Нельга ім паказваць сваіх птушанят…
Белая чапля ходзіць уздоўж берага, палюе на жаб.
Вечарэе. Журавы адпачываюць, а чапля ўсё працуе…
Я сяджу ў засідцы да апошняга, пакідаю яе на беразе, каб прыехаць заўтра раніцай.
Працяг будзе.
Крыніца: planetabelarus.by
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.


