Жывая вада-2. Браслаўская…
У папярэднім фотарэпартажы я паказаў, колькі звяроў і птушак можна сфатаграфаваць у Браслаўскім раёне за адзін дзень. Але кожны прыродны фатограф ведае, што самыя прыгожыя здымкі атрымліваюцца ў той момант, калі над зямлёй узыходзіць сонца.
Зразумела, я не выключэнне, таму на наступны дзень выязджаю а палове чацвёртай ночы. Займаю месца ў засідцы і пачынаю чакаць…
Над возерам уздымаецца лёгкі туман, які дае надзею на незвычайныя сюжэты.
І яны пачынаюць з’яўляцца: на камні сядзіць качка з качанятамі, побач палюе белая чапля, а за імі можна ўбачыць жураўля.
І ўсё гэта пад акампанемент сапраўднага жабінага аркестра.
Уяўляеце, якая гэта прыродная псіхатэрапія для гарадскога чалавека?
А калі яшчэ над вадой з’яўляецца галава выдры?!
Напэўна, ёй таксама спадабаўся ранішні канцэрт, але яшчэ больш – салісты жабінага аркестра.
Як доказ гэтага сцвярджэння – партрэт драпежніцы з жабчынай лапкай.
Пакуль я заняты выдрай, не бачу, што там робіцца на другім беразе.
А з яго чамусьці ўзлятаюць жураўлі…
І выдра мая адплывае ў бок узыходзячага сонца…
Сонца ўздымаецца вельмі хутка, але туман над возерам пэўны час трымаецца.
На беразе возера з’яўляецца казуля.
Яна падыходзіць да вады і напружваецца: вецер з майго боку.
Казуля вельмі хутка праходзіць уздоўж вады і знікае за пагоркам. А ў мяне застаюцца яе здымкі з люстэркавым адлюстраваннем. Не часта такія сюжэты можна сфатаграфаваць у дзікай прыродзе.
А чапля і качкі ўсё яшчэ на сваім месцы, некалькі імгненняў – і туман знікае.
А разам з ім знікае і казачнасць гэтага берага возера…
Падлятаюць белыя чаплі.
Набліжаюцца да жураўлёў, але асвятленне ўжо занадта яркае.
Другі бераг возера весь у кветках.
Вось калі туды зойдзе лось ці казуля, будзе новы цікавы сюжэт. Але ж гэта не людзі, з якімі можна дамовіцца на нейкую фотасесію. Тут можа проста пашанцаваць або не.
І калі я губляю надзею, вылажу з засідкі і пачынаю яе складваць – за кветкамі бачу самца казулі! Пасядзеў бы яшчэ хвілін пятнадцаць – атрымаў бы запланаваны кадр. А так застаецца толькі крыўдзіцца на сабе самога. Бо мяне таксама заўважылі…
Затое мінут праз двадцаць мне шанцуе з зайцамі. Да аднаго падкрадваюся, а другі бяжыць з боку машыны.
Выскоквае на дарогу, я раблю цэлую серыю на фоне ранішніх кропелек расы.
Праз тры тыдні мы зноў прыязджаем да сяброў у Браслаўскі раён. І паколькі я ніколі не бываю задаволены зробленымі здымкамі, то ізноў баўлю час у засідцы на беразе таго ж возера.

На гэты раз жыццё вакол яго аказалася не такім разнастайным. Не было канцэрта жаб, не прыляцелі жураўлі і чаплі, не прабягаў барсук і не палявала выдра, толькі казулі вечарам і раніцай не адмаўляліся фатаграфавацца.
Я зрабіў колькі здымкаў жывёл з адлюстраваннем у вадзе і паехаў шукаць штосьці іншае.
Як гэта ні дзіўна, але на той жа самай дарозе, на тым жа самым месцы, ізноў сустрэў зайца.
Дакладней, гэта была зайчыха. Прыйшлося пасядзець у машыне хвілін двадцаць, пакуль яна пачала займацца сваімі справамі.
Здымкаў атрымалася многа. Падзялюся двума…
Крыху пазней заўважыў у балоце маладога лася. Да яго было метраў дзвесці. Я падняў над галавой рукі з фотаапаратам і пайшоў…
Лось адрэгаваў толькі, калі паміж намі засталося метраў сорак.
Здараецца і такое ў прыродзе…
Крыніца: planetabelarus.by
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.


