Час казулі

0 4522 3 авг 2015

Ужо прайшло амаль два з паловай месяцы з пачатку вяснова-летняга сезона палявання на казулю еўрапейскую.

Карыстаючыся нагодай, хачу звярнуць увагу вось на што. У большасці журналісцкіх матэрыялаў пра казулю еўрапейскую гаворыцца як пра самага маленькага з аленяў. Гэта не так. Самы маленькі алень называецца пуду. Даўжыня яго цела ад 80 да 93 см, маса — ад 7 да 10 кілаграмаў. Жыве ён у Паўднёвай Амерыцы. Пуду ў адрозненні ад сваіх сваякоў, у тым ліку і казулі, лічаць за лепшае весці скрытны лад жыцця, таму аддаюць перавагу гушчарам, часта залазяць высока ў горы — да трох тысяч метраў над узроўнем мора.

Наша ж казуля важыць у сярэднім ад 20 да 37 кілаграмаў, буйныя самцы могуць дасягаць 45 кг. У 9-10 гадоў яны ўжо старэюць, век доўгажыхароў складае 12-13 гадоў.  

Казулі любяць кустарнікі, зараснікі каля рэк і балотцаў, невялікія лясы. У пачатку лета яны з задавальненнем выходзяць на палеткі і лугі пакарміцца свежымі травамі. Не абыдуць рапс ці азімыя, асабліва на ўчастках пасярод лесу. Летам казулі пасуцца раніцай, вечарам і ў першай палове ночы, таму паляванне часцей за ўсё пачынаецца тады, калі вечарэе.    

Хачу крыху адысці ад прамой размовы пра сам працэс палявання. Казуля, хоць і стараецца трымацца далей ад чалавека, — жывёла даволі мабільная.

Нагадаю выпадак, пра які распавёў на сайце «Дзікая прырода» паляўніцтвазнавец і фатограф Андрэй Шымчук. Ён стаў выпадковым сведкам таго, як у Талачынскім раёне Віцебскай вобласці сетка ўздоўж трасы стала пасткай для казулі. Яна не змагла пераскочыць нечаканую перашкоду і, натуральна, запанікавала. Андрэй Шымчук падагнаў яе да выпадковага праходу. Але і там прыйшлося сетку, якая ўтварылася ў выніку аўтамабільнай аварыі, адварочваць. Пашанцавала, што звер кінуўся не на дарогу, а ў лес.

Фота Андрэя Шымчука

А неяк парачка казуль выйшла з туману на ўзлётна-пасадачнай паласе Страсбургскага аэрапорта. Гукі пажарных сірэн эфекту не далі. Прыйшлося звяртацца за дазволам страляць. Толькі пасля таго, як адна жывёла ўпала, другая збегла. Аднак трыццаць рэйсаў было затрымана…   

Што да ранішняга туману, дык ён не толькі можа перашкодзіць на паляванні, але і дапамагчы, маскіруючы чалавека, прытупляючы гукі крокаў.

Ужо не адзін год доўжыцца дыскусія сярод паляўнічых пра выкарыстанне карабінаў з аптычным прыцэлам. Нагадаю: цяпер, у вяснова-летні сезон палявання на дарослых самцоў казулі  і селекцыйных жывёл гэтага віду любога полу і ўзросту (з засады і падыходу), можна выкарыстоўваць і наразную паляўнічую зброю з дульнай энергіяй кулі звыш 1500 джоўлей, і гладкадульную з выкарыстаннем кулявых патронаў, начыненых куляй ці карцеччу. Зразумела, з выдатнага карабіна прасцей здабыць дзікую жывёлу. Прыхільнікі таго, што ў паляўнічага са зверам шанцы павінны быць роўнымі, катэгарычна супраць начнікоў. Іх апаненты пярэчаць: затое яны даюць лепшую магчымасць трапнага стрэлу і змяншаюць верагоднасць падранка.

Спецыялісты сцвярджаюць: асцярожныя, дасведчаныя паляўнічыя могуць падысці даволі блізка, метраў на трыццаць, і выкарыстаць гладкаствольную зброю. Я нездарма прыгадаў рацыён казуль. Менавіта ў час кармёжкі яны, зрэшты як і ўсё жывое, становяцца менш асцярожнымі. Зрок у казулі не зусім добры, і яна не заўжды разгледзіць чалавека ў камуфляжным касцюме між дрэў, кустоў ці іншых прыстасаванняў.

Летам казулі трымаюцца невялікімі статкамі: самкі ходзяць з маладняком, самцы паасобку. Некалькі жывёл, зразумелая справа, хутчэй пачуюць чалавека, чым адзіночка. Таму падысці да самца бывае прасцей.

Канешне, у сучасных умовах ёсць шмат удала змайстраваных паляўнічых пераносных ці стацыянарных вышак. Каб не трывожыць звера, ставіць іх трэба на лясной ваколіцы. Добры егер ведае, куды прыйдзе звер. І тут галоўнае — быць уважлівым і цярплівым.

Калі ўжо кранулі сямейную тэму, неабходна заўважыць, што гон у казуль пачынаецца з сярэдзіны ліпеня і цягнецца недзе месяц. У гэты час самцы сваёй агрэсіўнасцю мала адрозніваюцца ад ласёў ці аленяў. Пачынаюць чуфыкаць, а пасля біцца рагамі. Здараецца, даходзіць да калецтва.

Да гону здабываць самцоў з трафейнымі якасцямі няварта, паколькі яны не змогуць удзельнічаць у размнажэнні і даць добрае патомства. Найлепш паляваць на іх якраз са жніўня, калі самцы актыўна рэагуюць на гук манка.

Манкі імітуюць голас самкі і сёлетніка казулі. Часта гэты перыяд называюць сезонам ліставога палявання. Назва пайшла з Германіі, дзе першапачаткова выкарыстоўвалі ліст буку.

На заканчэнне нагадаю пра асцярожнасць — як-ніяк паляванне адбываецца ў змроку. Што ж тычыцца гастранамічных якасцей казулі, дык яны ўсім вядомы. Найбольшым далікатэсам лічацца дзве цягліцы ўздоўж пазванка, пячонка, лёгкае і сэрца.

 

Міхась ДУБРОВІЦА

Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.