Новы старшыня, відэадаклады і цікавосткі З’езду АПБ-2021

1 3459 26 фев 2021



6 лютага прайшоў штогадовы З’езд АПБ – упершыню анлайн.

Як гэта было, хто стаў новым старшынёй арганізацыі і пра што былі цікавыя даклады падчас з’езду?

З’езд прайшоў у цёплай атмасферы, многія сябры АПБ, каму раней праблемна было дабірацца на з’езд у Мінск, змаглі падключыцца і паўдзельнічаць наўпрост з рэгіёнаў.

З вітальным словам выступілі наступныя замежныя партнёры – гэта доктар Норберт Шэфер, прэзідэнт Лігі аховы птушак Баварыі (LBV), Германія, адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў АПБ; Міхаэль Брамбахер, каардынатар еўрапейскіх праграм Франкфурцкага заалагічнага таварыства, Германія; Венсэслас Гатарабірва, менэджар праграмы “Усходне-атлантычны пралётны шлях”, Каралеўскае таварыства абароны птушак, Вялікабрытанія.

На з’ездзе праз платформу, якая забяспечвае таемнае галасаванне, былі праведзены выбары новага Старшыні, двух новых сябраў у Цэнтральны савет і аднаго ў Рэвізійную камісію АПБ.

Новым старшынёй стаў Ігар Бышнёў, адзін са стваральнікаў АПБ, Абаронца дзікай прыроды-2019, кандыдат біялагічных навук, кінарэжысёр і аператар-анімаліст – вітаем на гэтай пасадзе! Тут можна пачытаць бліц-апытанку і інтэрв’ю з ім.

Игорь Бышнев с внуком Робертом

Ігар Бышнёў, новы Старшыня АПБ, з унукам Робертам

Васілю Грычыку, які быў на чале АПБ з 2015 года, надалі званне Ганаровага сябра АПБ. Дзякуем яму за доўгую плённую працу, а таксама спадарыні Ірыне Самусенка, якая пакінула Цэнтральны савет у сувязі са сканчэннем тэрміна.

У Цэнтральны савет на дзве вакантныя пазіцыі выбралі арнітолагаў Зінаіду Гарошка з Гомеля і Валерыя Дамброўскага з НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі (Мінск). На вакантнае месца ў Рэвізійнай камісіі пераабраны Генадзь Міндлін. Віншуем!

Падчас з’езду прадставілі і абмеркавалі гадавую справаздачу АПБ. Паглядзець яе можна тут: http://ptushki2020.tilda.ws.

На з’ездзе прагучала некалькі цікавых навукова-папулярных дакладаў. 

Дзякуючы магчымасцям платформы Zoom мы змаглі зрабіць запіс дакладаў, якія па меры іх загрузкі на Ютуб-канал АПБ будзем дадаваць і сюды.

Доктар Норберт Шэфер расказаў пра ахову дзікай прыроды ў Баварыі, а таксама падкрэсліў шмат агульнага паміж працай LBV і АПБ.


Сямён Левы, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях, расказаў пра птушку 2021 года – звычайнага леляка. Дарэчы, больш разгорнутую лекцыю пра леляка ў выкананні Сямёна прагучала анлайн 24 лютага.

Доктар Адам Эштан-Бат, старшы навуковы супрацоўнік Брытанскага трасту для арніталогіі, расказаў пра выкарыстанне сучасных прыбораў для збору і аналізу гукаў дзікіх жывёл у Палессі.

Дзьмітры Вінчэўскі, сябра АПБ з Гродна і рэдактар сайта «Птушкі штодня», расказаў пра самыя цікавыя леташнія птушыныя назіранні сябраў Клуб200 АПБ.

Святлана Кудрэнка, навуковы супрацоўнік Франкфурцкага заалагічнага таварыства, Германія, расказала, як адбываецца маніторынг папуляцый сысуноў на Украінскім Палессі.

А каардынатар праекта ЕС «Разам для грамады і прыроды: Міёрскі раён» Алег Сівагракаў зрабіў вельмі цікавы агляд актыўнасцяў і дасягненняў у межах гэтага сумеснага з АПБ праекта.

Таксама на з’ездзе прадставілі трох кандыдатаў на птушку 2022 года. Сямён Левы прадставіў звычайную туркаўку. Дзяніс Кіцель прадстаўляў скапу. А Андрэй Шэўчык як адзін з актыўных “лабістаў” падчас “птушыных праймерыз” выступіў з прэзентацыяй ад імя белай сініцы.

Па рашэнні ЦС выбары птушкі года сёлета адбываюцца праз звычайную пошту. Гэта дазволіць паўдзельнічаць у выбарах усім сябрам АПБ, а не толькі тым, хто быў на з'ездзе. Ім ужо разасланыя бюлетэні з апісаннем усёй працэдуры. Канверты з галасамі збяруць у адну папку і адкрыюць у жніўні прадстаўнікі РК і ЦС АПБ у прысутнасці незалежных назіральнікаў. Абвяшчэнне птушкі года традыцыйна адбудзецца ў лістападзе.

АПБ – гэта вялікая сям’я аднадумцаў, якіх яднае каштоўнасць клопату пра дзікую прыроду. Далучайся – стань сябрам АПБ! Для гэтага трэба толькі запоўніць анкету і аплаціць гадавы ўнёсак.

Источник: ptushki.org

Комментарии пользователей (1)
Оставьте ваш комментарий первым
Vladimir Penkevich    27 февраля 2021 в 12:25
0
0
Ігар Бышнёў - годны старшыны АПБ. Думаю, што пад яго кіраўніцтвам АПБ расквітнее яшчэ больш пышным колерам! Поспехаў і шмат выгадных і карысных праектаў яму і АПБ.
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.