У маразы пад Гродна знайшлі новы для Беларусі від птушак – качку-каралінку

0 1855 21 янв 2021

17 студзеня на Нёмане ўпершыню ў нашай краіне назіралася качка-каралінка. Назіранне незвычайнай птушкі зрабілі мінскія і гродзенскія сябры "Клуба200" АПБ  Таццяна Каржыцкая,  Юрый Шашэнька, Максім Косцін і Дзмітрый Вінчэўскі.

Качка-каралінка. Фота Юрыя Шашэнькі

Качка-каралінка. Фота Юрыя Шашэнькі



У надзеі пабачыць рэдкія ў Беларусі на зімоўцы віды мінчане выбраліся на выходныя ў Гродна, каб абследаваць незамерзлыя ўчасткі рэк Ласасянкі і Нёмана, ачышчальныя сажалкі завода “Гродна-Азот”.

— Вялікія маразы і шмат снегу радуюць гэтай зімой не толькі дзетак, — кажа Дзмітрый Вінчэўскі. — Назіральнікі птушак у такое надвор’е маюць шанец убачыць у нас тыя віды, якія звычайна адзначаюцца вельмі рэдка. Многія птушкі стараюцца трымацца адкрытай вады. Месцаў такіх робіцца вельмі мала, таму і знайсці такія віды ў гэты час у гэтых месцах лягчэй. Часам, акрамя чаканых і жаданых відаў, можна сустрэць і нечаканыя.

Лясная завірушка - незвычайны для Беларусі на зімоўцы від. 16-01-2021, пойма Ласасянкі ў межах Гродна. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага

Лясная завірушка — незвычайны для Беларусі на зімоўцы від. 16-01-2021, пойма Ласасянкі ў межах Гродна. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага


Спачатку птушкары паназіралі на Ласасянцы за зімародкамі, вадзяным пастушком, берасцянкамі, малінаўкай, лясной завірушкай і чорнагаловай лескай (апошнія два віды –вельмі рэдкія зімоўшчыкі ў Беларусі), аднак аляпку, якая там раней рэгулярна зімавала, не знайшлі. На заводскай сажалцы з цёплай вадой пабачылі белашчокую казарку і гусь-гуменніцу. Але горнага свірстуна, якога хацелі знайсці бёрдвочары, яны таксама не знайшлі.

— Каб знайсці яго, мы пераехалі праз увесь горад на супрацьлеглы ад сажалак “Азота” бераг Нёмана – туды, дзе насупраць адбываецца выкід ў рэку ачышчанай вады і з “Азота”, і з водаканала, і тут і адбыліся незапланаваныя сюрпрызы! – расказвае Дзмітрый Вінчэўскі. — Сярод густой пары, што парывамі ветру разносілася над вадой, Таццяна заўважыла незвычайную для нас качку, якая аказалася самцом качкі-каралінкі! Ён трымаўся трошкі адасоблена ад качак-крыжанак і цыранак, якія актыўна харчаваліся ля фантанаў.

Таццяна Каржыцкая - першаадкрывальніца качкі-каралінкі ў Беларусі. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага

Таццяна Каржыцкая — першаадкрывальніца качкі-каралінкі ў Беларусі. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага


Таццяна Каржыцкая, якая пачала актыўна назіраць за птушкамі ў 2015 годзе, натхніўшыся экскурсіяй АПБ у Лошыцкім парку, расказвае:

— Я заўважыла прыгожую качку, але не надта добра бачыла ў аб’ектыў фотакамеры і таму падумала, што гэта, магчыма, качка-мандарынка. Але Юры і Дзмітры адразу мяне паправілі, што гэта не мандарынка, а ўвогуле новы для Беларусі від – каралінка. Мы спрабавалі пабачыць, ці яна акальцаваная, і, здаецца, кальца не было. У любым выпадку, каралінка сталася добрым падарункам мне на дзень народзінаў. Цікава, што падняўшыся да машыны, мы пабачылі на плоце адрас: Каралінка, 61. Сімвалічна. Бо дзе яшчэ як не тут было шукаць гэтую заморскую качку?!

каралінка

Супадзенне? Не думаем! Фота з сайта «Птушкі штодня»


У суседніх Літве і Польшчы качкі-каралінкі ў дзікай прыродзе адзначаліся неаднакроць, але для Беларусі гэта першая рэгістрацыя віду ў дзікай прыродзе.

Зняць качку-каралінку праз дымку нялёгка. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага

Зняць качку-каралінку праз дымку нялёгка. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага


Самец качкі-каралінкі, затока Нёмана на ўскрайку Гродна. 17-01-2021. Фота праз пару ад вады Дзмітрыя Вінчэўскага

Самец качкі-каралінкі, затока Нёмана на ўскрайку Гродна. 17-01-2021. Фота праз пару ад вады Дзмітрыя Вінчэўскага


Качка-каралінка (Aix sponsa) – паўночнаамерыканскі від, які ў Еўропе трымаюць не толькі ў заапарках, але і прыватныя калекцыянеры. Натуральным чынам, з Амерыкі, каралінкі даляталі пакуль толькі да Ісландыі. Усе іншыя сустрэчы з каралінкамі ў прыродзе ў розных краінах на нашым кантыненце лічацца назіраннямі збеглых з няволі асобін. Таму, згодна з катэгорыямі, якія прапанаваныя для ўсіх відаў птушак, адзначаных у Еўропе Асацыяцыяй еўрапейcкіх авіфаўністычных камісій па рэдкасцях (AERC), у якую ўваходзіць і Беларуская арніта-фаўністычная камісія (БАФК), качкі-каралінкі па-за Ісландыяй не ўваходзяць у асноўны Спіс відаў, які арнітолагі вядуць для кожнай краіны. Да гэтай катэгорыі належаць чужародныя віды, якія паходзяць з няволі, а таксама выпадкова прывезеныя ці інтрадукаваныя спецыяльна, якія пакуль не ўтварылі самастойных папуляцый на нашым кантыненце, як, напрыклад, канадская казарка.

Горная пліска. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага

Горная пліска. Фота Дзмітрыя Вінчэўскага

Праз паўгадзіны пасля назірання каралінкі бёрдвочары пабачылі і горную пліску, азін з відаў, дзеля якога пусціліся ў сваю “экспедыцыю”. Гэта трэцяя рэгістрацыя віду для Беларусі.

Источник: https://ptushki.org/news/695880.html

Комментарии пользователей (0)
Оставьте ваш комментарий первым
Для того чтобы оставить комментарий, необходимо подтвердить номер телефона.