-- Сапраўдныя традыцыі палявання і культура паляўнічага прыйшлі да нас з глыбіні стагоддзяў. Заўсёды падчас выездаў у лес урачыста гучала рогавая музыка, якая стварала атмасферу святочнасці, надзвычайнасці мерапрыемства.
Паляўнічыя рытуалы адрозніваліся ў розных народаў, але няшмат. Амаль паўсюдна яны дапамагалі выхоўваць у паляўнічых адвагу і высакароднасць, падкрэслівалі непарыўную сувязь чалавека і прыроды, бо паляўнічы раней под гукт ражка абавязкова аддаваў сваю даніну павагі прыгажосці і моцы здабытага ім звера.
Паляўнічыя рытуалы ўзбагачаюць этыку сучаснага паляўнічага, паказваюць узровень яго культуры, надаюць адметную файнасць працэсу палявання.
“Ветрана стала, і яхканне
гончых з-пад ветру
Быццам дзесь побач
О колькі страсцей і пачуццяў
Раптам абудзіць ражок
паляўнічы!”
Гэта з паэмы Міколы Гусоўскага “Песня пра зубра”.
Стоп, сябры мае! Гэта ж XVI стагоддзе. А ці часта мы чуем паляўнічы ражок у сучаснай Беларусі?
Толькі зрэдку - у выкананні гурта паляўнічай музыкі “Бекас”.

Сёння рогавай музыкі не чуваць нават калі да нас прыязджаюць замежныя паляўнічыя і дзеля іх арганізуецца "паляўнічы тур". А гасцей жа, вядома, цікавяць не толькі трафеі, але і наша паляўнічая культура, традыцыі, этыка. І мы пакуль не можам пахваліцца ўсім гэтым.
-
У нас зусім мала паляўнічых сігналістаў (12--15 чалавек на ўсю Беларусь!!!). Няма сваёй паляўнічай клятвы, свайго прывітання і г.д.
На Нацыянальным свяце паляўнічых і рыбаловаў, што ладзіў БТПР (БООР), упершыню прагучалі беларускія паляўнічыя песні, і гэта ўжо добра.
Нядаўна Мінлясгас зрабіў першы крок у напрамку развіцця рогавай паляўнічай музыкі — прынята рашэнне ў кожнай вобласці стварыць па аднаму ансамблю і закупіць для іх паляўнічыя горны (ражкі). Гэта радуе мяне, як чалавека, які шмат год свайго жыцця прысвяціў паляўнічай музыцы і культуры.
Але, на маю думку, трэба ісці далей.
-
Другі крок — і самы важны! — гэта стварэнне ў навучальных установах, дзе набываюць лясныя спецыяльнасці, гуртоў паляўнічай музыкі.
Не трэба марудзіць час! У гэтых мэтах неабходна:
1. Правесці апытанне студэнтаў у навучальных установах, хто з іх займаўся ў музычных школах, і неабавязкова на духавых інструментах, а і на гітары, баяне, фартэпіяна і г.д. Яны стануць ядром ансамбля. А таксама запрасіць усіх жадаючых.
2. Запрасіць гурт паляўнічай рогавай музыкі “Бекас” — запытанне высылаць на Драгічынскі лясгас, каб мы выступілі перад студэнтамі і пазнаёмілі іх з гэтым набыткам паляўнічай культуры.
3. Арганізаваць заняткі па рогавай музыцы ў вячэрні час. Па свайму вопыту ведаю, як гэта цікава. Моладзь улюбіцца ў гэтую музыку з першых хвілін.
4. Пачатковыя азы авалодання ражком ці горнам могуць даць тыя, хто займаецца на духавых інструментах. Мажліва запрасіць настаўніка з музычнай школы.
5. Выкарыстоўваць у якасці інструментаў піянерскія горны, карабельныя трубы, звычайныя духавыя трубы, а потым — закупіць паляўнічыя ражкі.
-
Трэці крок — правядзенне ў наступным годзе Фестывалю паляўнічай музыкі і культуры “Залаты горн”, у якім прымуць удзел усе новаствораныя ансамблі з навучальных устаноў, а таксама запрасіць ансамблі з кожнай вобласці і сігналістаў БТПР (БООР).
-
Чацвёрты крок — наладжванне сувязей з паляўнічымі сігналістамі краін Еўропы, у першую чаргу Польшчы. Ужо зараз гатоў даслаць адрасы маіх польскіх калег.
-
Пяты крок — асабістую адказнасць у навучальных установах за развіццё паляўнічай культуры, музыкі, традыцыі і этыкі павінен несці намеснік кіраўніка ўстановы па выхаваўчай рабоце.
Што мы вырашаем, зрабіўшы гэтых пяць крокаў?
Мы адраджаем беларускую паляўнічую культуру, рогавую музыку, нацыянальныя традыцыі. Даём магчымасць студэнтам займацца важнай справай у вольны час. Ствараем атмасферу свята ў навучальных установах. Гэтыя святы (фэстывалі) павінны па чарзе праходзіць у Мінску, Полацку і г.д., дзе ёсць профільныя лясныя навучальныя ўстановы.
Таксама гэтым мы вырашаем праблему ў абслугоўванні паляўнічых мерапрыемстваў (выставы сабак, трафеяў, паляванні з удзелам беларускіх і замежных паляўнічых і г.д.).
-
Рог кліча: давайце разам адраджаць беларускую паляўнічую культуру!
Артыкул з невялікімі зменамі таксама апублікаваны http://www.lesgazeta.by/archives/articles/4866.html
КОММЕНТАРИИ (5)