У кожнай сферы дзейнасці чалавека ёсць свае асаблівасці, свае адметныя рысы. Паводле тэрміну, аграэкатурызм (сельскі турызм) – гэта часовае знаходжанне ў сельскай мясцовасці ў мэтах адпачынку, аздараўлення, азнаямлення з прыродай і нацыянальнымі культурнымі традыцыямі.
Зыходзячы з гэтага вызначэння, мэты сельскага турызму ўмоўна можна падзяліць на дзве групы: "рэкрэацыйная" (адпачынак, аздараўленне) і "пазнавальная" (азнаямленне з прыродным патэнцыялам краіны, культурнымі традыцыямі).
Крытэрыi адпаведнасці першай мэты прыведзены ў класіфікацыі сельскіх сядзібаў па катэгорыі "Пеўнічкі". Там досыць падрабязна апісаны крытэрыi, блізкія да гасцінічнага бізнесу, г.зн. узровень камфортнасці і шырыня спектру выгод, якія прадастаўляюцца ў самой сядзібе.
Але сельскія сядзібы – гэта не гатэлі. Іх адметныя рысы дый прызначэнне значна адрозніваюцца. Сельскі турызм перш за ўсё – гэта “жывы” турызм, у якім адбываецца непасрэдны кантакт чалавека з тым асяроддзем, у якім жывуць людзі на сваёй зямлі. Гэта магчымасць адкрыць для сябе іншы свет, іншы побыт, пазнаёміцца з традыцыямі, звычаямі, заняткамі людзей пэўнай мясцовасці.
Зыходзячы з гэтага зразумела, што акцэнт тут павінны стаяць на іншым, а звычайныя крытэрыі не заўсёды пасуюць.
У якасці знака для пазначэння новай катэгорыі класіфікацыі сельскіх сядзіб ("пазнавальная" група мэт) можна было б абраць васілёк. Менавіта гэта сіняя палявая кветка ўшанавана ў лагатыпе Беларусі як краіны, прывабнай для турызму. Васілёк -- гэта вытанчанасць, прастата, весялосць і пэўнасць.
Колькасць "васількоў" павялічваецца ў адпаведнасці з пашырэннем магчымасцяў сядзібы ў сферы азнаямлення гасцей з прыроднай, гістарычнай і культурнай спадчынай тэрыторыі, на якой яна размешчана. Натуральна, пры гэтым яна павінна адпавядаць і агульным патрабаванням да сельскіх сядзіб.
Вось прыклады тых груп крытэрыяў, якімі можна было б скарыстацца:
1. Наяўнасць на сядзібе магчымасцяў для правядзення паходаў, "зялёных" маршрутаў (пешых, веласіпедных, водных, лыжных, конных).
1. Наяўнасць на сядзібе розных тыпаў экскурсій: гістарычных, этнаграфічных, прыродных (батанічныя, арніталагічныя, геалагічныя...)
2. Магчымасць паўдзельнічаць у розных родах дзейнасці (майстар-класы, інсцэнiроўкі, ролевыя гульні).
3. Навучанне традыцыйным рамёствам (лазапляценне, гафт, ганчарная справа,..), удзел у традыцыйных абрадавых або прыродных святах, анімацыйныя праграмы, ролевыя гульні, знаёмства з вядзеннем прысядзібнай гаспадаркі.
Зразумела, што прыведзеныя вышэй крытэрыi з'яўляюцца адноснымі і патрабуюць яшчэ дапрацоўкі, аднак яны дазваляюць акрэсліць меркаванае поле дзейнасці і вылучыць кірунак для далейшага развіцця.
Пры гэтым ясна вiдаць, што рэалізаваць паўнавартасную праграмму працягласцю 7-10 дзён (а менавіта такая працягласць найбольш часта сустракаецца) – даволі складана (калі наогул магчыма) у межах адной сельскай сядзібы. І ў гэтым сэнсе “зялёныя шляхі” адчыняюць неверагодную колькасьць магчымасцяў для развіцця. Камусьці падабаецца цішыня i спакой, прыгажосць прыроды, шыр прастораў? Выдатна, можна скласцi шлях па сядзібах, размешчаных на хутарах, дабірацца паміж імі пехам, на роверах ці на конях. Нехта жадае правесці “гастранамічны тур”? Ніякіх праблем! Выбіраецца такі шлях, які б закранаў адразу некалькі розных рэгіёнаў і культур, даючы магчымасьць увайсці ў кантакт з кожнай з іх.
Працягваць можна доўга, але асноўная думка зразумела – праз складанне "зялёных шляхоў" мы можам не толькі стварыць прывабны для турыстаў вобраз адпачынку, але i максімальным чынам рэалізаваць патэнцыял кожнага з яго ўдзельнікаў, выкарыстоўваючы прынцып узаемадапаўнення i узаемадапамогі. Усё гэта будзе стымуляваць далейшае ўдасканаленне "зялёных шляхоў" праз напрацоўку адпаведнага вопыту і пад’ём сельскага турызму ў Беларусі на якасна зусім іншы ўзровень.
Запрашаю да дыскуссіі!
Можаце пісаць мне на пошту ratmir@ecoby.info, ці званіць на нумар +375-29-766-46-83 (МТС), Ратмір.
Поспехаў усім гаспадарам сядзіб, будзьма разам!
КОММЕНТАРИИ (10)